Цэлы клас — валанцёрскі атрад. Як згуртаваць калектыў адзінай ідэяй, ведае Аксана Паўлоўская

- 15:15Классный классный

“Кожнае маё класнае кіраўніцтва пачынаючы з 1991 года адметнае і асаблівае”. Як гэтага дасягнуць, карэспандэнту  “Настаўніцкай газеты” расказала Аксана Паўлоўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Вілейкі.

— Пяць гадоў назад выпусціўся мой самы цудоўны клас. З 5-га па 11-ы яны ўсе як адзін былі валанцёрамі. Уявіце сабе: цэлы клас — валанцёрскі атрад. Яны самі прыдумалі сабе назву — “Палаючыя сэрцы”.

А дапамагалі яны ўвесь гэты час выхаванцам ЦКРНіР, што размяшчаецца на базе дзіцячага сада № 12. У самым пачатку 5 класа нас запрасілі правесці мерапрыемства для асаблівых дзяцей. Так атрымалася, што і мае навучэнцы, і хворыя дзеці былі прыкладна аднаго ўзросту. І яны вельмі пасябравалі паміж сабой. Гледзячы на тую душэўную спагадлівасць і шчырую зацікаўленасць, з якімі мае дзеці адносіліся да асаблівых равеснікаў, я адчувала пачуццё гордасці. Іх не спужалі інвалідныя каляскі, не заўсёды выразнае маўленне і іншыя абмежаванні дзяцей. Яны нібыта іх не заўважалі. Рыхтавалі для дзяцей канцэртныя праграмы, прыязджалі проста пагуляць з імі, разам малявалі, стваралі розныя вырабы. Прычым хлопчыкаў у гэтым класе было больш. І бацькі былі вельмі зацікаўлены: з радасцю дапамагалі цукеркамі, пячэннем для асаблівых дзетак. Больш за тое, мае вучні запрашалі асаблівых дзетак на нашы мерапрыемствы ў гімназіі. Нават на свой выпускны вечар. Самае прыемнае, што многія з дзяцей прадоўжылі добраахвотніцкую дзейнасць ужо будучы студэнтамі, — расказвае настаўніца.

А яшчэ менавіта гэты клас стаў пачынальнікам новай традыцыі, якую і сёння падтрымліваюць гімназісты. Ра­зам з Аксанай Тадэвушаўнай у 2019 го­дзе яны ўпершыню адправіліся на баль.

Зараз настаўніца з’яўляецца класным кіраўніком у дзевяцікласнікаў. На жаль, не атрымалася працягнуць справу папярэдняга класа. Аднак многія з яе навучэнцаў таксама займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. А сама Аксана Тадэвушаўна кіруе валанцёрскім атрадам гімназіі, які таксама называецца “Палаючыя сэрцы”.

— Мы займаемся зоаваланцёрствам — дапамагаем бяздомным жывёлам. Праводзім у школе акцыю “Працягні руку лапе”, збіраем кармы. Дзеці шы­юць ляжанкі для коцікаў і сабачак падчас урокаў грамадска карыснай працы. Кормяць бяздомных жывёл, далучаюцца да дабрачынных акцый, падтрымліва­юць сувязь з вілейскімі дарослымі валанцёрамі. Узялі шэфства над ветэранамі педагагічнай працы. Былым настаўнікам вельмі падабаецца, калі дзеці прыходзяць да іх у госці. Добрай традыцыяй стала запра­шаць ветэранаў у гімназію напярэдадні навагодніх свят. Абавязкова право­дзім творчы майстар-клас: робім разам навагоднія сувеніры, паштоўкі, рых­туем віншавальную праграму, — дзеліцца Аксана Тадэвушаўна.

Шмат гадоў назад настаўніца была класным кіраўніком у этнакласе.

— Не паверыце, за гады, праведзеныя з імі, я сама навучылася танцаваць усе беларускія народныя танцы. Дзеці ставілі спектаклі, пастаноўкі, прысвечаныя традыцыйным народным святам, вучыліся спяваць, танцаваць. Да іх прыходзілі тэатральныя акцёры і рэжысёры. Колькі мерапрыемстваў было праведзена! І я заўсёды была з імі. Неверагодны вопыт атрымала. І хаця клас быў даволі слабы па ўзроўні ведаў, ніхто з дзяцей не баяўся сцэны, яны ўмелі прыгожа і ўпэўнена размаўляць, адказваць на пытанні, не баяліся выказваць свой пункт погляду, — успамінае класны кіраўнік.

З гэтым класам яны ажыццявілі праект па стварэнні родавых кніг. Дзеці самі прапанавалі ідэю, а настаўніца яе падтрымала. Маючы вопыт напісання родавага дрэва, Аксана Тадэвушаўна падказвала вучням, як гэта рабіць. Разам з імі ездзіла ў Будслаўскі касцёл, дзе ёсць вялікі архіў. Дзеці працавалі з дакументамі, разам рабілі запыты ў Маладзечанскі архіў. Яны пачалі збіраць інфармацыю ў 8 класе, а ў 11-м, напярэдадні выпускнога, кожны прадставіў сваю родавую кнігу. Многім удалося дайсці да 12 калена ў пошуках сваіх продкаў.

— Амаль палова маіх дзевяцікласнікаў плануе паступаць. Не ведаю, ці буду я класным кіраўніком у 10 класа. Аднак узяць пяцікласнікаў не адважуся. Шчыра скажу: стамілася, хаця лічу сябе лёгкай на пад’ём. Ды і ўзрост не дазваляе так шмат часу і сіл аддаваць класнаму кіраўніцтву, — дзеліцца разважаннямі настаўніца. — Хочацца прыгожа паставіць кропку ў гэтым кірунку. Даць дарогу маладым. Дзецям не падабаецца класны, які толькі раздае ўказанні, ім неабходны таварыш, дарадчык, гатовы пайсці з імі на любую справу.

Марына ЖДАНАВА